КО́ПЦКАЕ МАСТА́ЦТВА,
мастацтва коптаў. Склалася ў 3—4 ст. на аснове маст. традыцый Стараж. Егіпта і эліністычнага мастацтва. Росквіт К.м. ў 5—7 ст. звязаны з аддзяленнем копцкай царквы ад візантыйскай. Пад уплывам ідэй аскетызму і ўзораў раннехрысц. мастацтва Сірыі і Палесціны набыло рысы схематызму, умоўнасці, грубаватай экспрэсіўнасці. У архітэктуры былі пашыраны 3-нефавыя, часта 3-конхавыя базілікі з каменю, радзей з цэглы (у Белым, Чырвоным манастырах і інш.), купальныя грабніцы (у Багауаце), 2—4-павярховыя жылыя дамы. Выяўл. мастацтва прадстаўлена царк. фрэскамі, каменнымі і драўлянымі рэльефамі, кніжнай мініяцюрай, энкаўстыкай, дэкар.-прыкладное мастацтва — разьбой па дрэве і косці (аздабленне дзвярэй, мэблі, куфэркаў), вырабамі з бронзы, тэракоты (лямпы, вазы, начынне), высокамаст. тканінамі. Рэаліст. выявы 4 — пач. 5 ст. (жанравыя або перанятыя з эліністычнай міфалогіі) у 5—6 ст. змяніліся ўмоўнымі схематызаванымі выявамі на хрысц. сюжэты. У канцы 6 — пач. 7 ст. пашырыліся матывы блізкаўсх. мастацтва (сцэны палявання на львоў і інш.). Сучасныя копцкія мастакі захоўваюць стараж. традыцыі.
т. 8, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)